У Беларусі катуюць людзей. Катуюць за праяўленне сумлення, за наяўнасць пачуцця чалавечай годнасці і за прагу дабра сваёй краіне. А разам з імі пакутуюць дзясяткі тысяч родных, блізкіх, сяброў і проста неабыякавых.
Нас ахоплівае пачуццё бязвыхаднасці. І выглядае вельмі спакуслівым сыйсці ў бок, засяродзіцца на сваёй сям’і, уладкоўваць жыццё па-іншаму, не адчуваючы марны боль за ўсё тое, на што немагчыма паўплываць. Але так нельга. Бо маўчанне і адсутнасць эмпатыі ператварае гвалт і несправядлівасць у норму. Менавіта гэтага і дамагаецца рэжым, што ўчыняе злачынствы супраць чалавечнасці – вызваліць ад хімеры, што называецца сумленнем, і тым самым пазбавіць нас чалавечнасці.
Гэты дзень, 21 траўня, мусіць з’ядноўваць усіх нас – па-сапраўднаму жывых людзей. Як бы не хацелася ўхіліцца ад болю, мы мусім перажываць мітрэнгу за тых, чые пакуты не можам раздзяліць. На іх месцы мог быць, без перабольшвання, кожны з нас, і таму натуральна адчуваць сябе віннымі перад людзьмі, чыёй няволей аплачана наша свабода.
Сёння нельга не ўзгадаць і тых, хто прынцыпова і годна супрацьстаялі свавольству, абараняючы вяршэнства права ў Беларусі і трымаючыся высокіх стандартаў адвакацкай прафесіі. Тых, хто працягвае церпяць пакуты ў турмах – адвакаты Максім Знак, Юлія Юргілевіч, Анастасія Лазарэнка, Аляксандрі Данілевіч, Віталь Брагінец, Аляксей Бародка. Кожны з іх разумеў пагрозу сваёй свабодзе лепей за астатніх і мог абраць іншы камфорны шлях, не рызыкуючы матэрыяльным становішчам і статусам. Адылі, гэтым асобам чалавечая годнасць была важнейшая.
Мы з вамі, калегі, і мы з усімі, хто праходзіць выпрабаванне вязніцай.